Новости проекта
Научный семинар
Перенос и удаление уроков
Навстречу новым горизонтам с Парком высоких технологий
Станьте участником программы «Учитель для Беларуси»!
Знакомьтесь с героями Schools.by!
Награждение победителей конкурса
Голосование
У якіх формах работы па павышэнні этнапедагагічнай культуры Вы б хацелі прыняць удзел?
Всего 5 человек
Голосование
Якія адукацыйныя паслугі на платнай аснове вы хацелі бы атрымаць на базе ўстановы дашкольнай адукацыі?
Всего 6 человек

Чытаем беларускія казкі

Дата: 14 января в 12:03, Обновлено 14 января в 12:05
Автор: Лукша Н. І.

Маша і мядзведзь

ИзображениеЖыла-была дзяўчынка Маша. 
Пайшла яна з сяброўкамі ў лес чарніцы збіраць. Знайшлі дзяўчычкі невялічкую лапінку ягад, сабралі ўсе, ды пайшлі далей шукаць. Кусцік за кусцік, чарнічка за чарнічку, так і не заўважыла Маша, як заблудзілася. 
Стала яна крычаць. Ніхто з сябровак не адгукваецца, звала, звала Маша, асіпла. А ўжо і змяркацца пачало. Цёмна ў лесе стала, страшна. 
Спужалася дзевачка, заплакала. Пачала скрозь слёзы зваць: 

«Хто ў бары, хто ў лесе, прыйдзі ка мне нанач!»
Ніхто не адклікаецца. Толькі страшна гудзе лес ды рэха адгукаецца. Яшчэ раз крыкнула Маша: 
- Хто ў бары, хто ў лесе, прыйдзі ка мне нанач! 
I раптам да яе данеслася: 
- Я ў бары, я ў лесе, іду к табе нанач! 
Узрадавалася Маша, пачала крапчэй зваць: 
- Хто ў бары, хто ў лесе, прыйдзі ка мне нанач! 
— Я ў бары, я ў лесе, іду к табе нанач. 
Глядзіць Маша, а з лесу вылазіць вялізны мядзведзь. Страшна дзевачцы стала, але ж думае, не адна буду. 
Мядзведзь ёй і кажа: 
- Пайшлі да мяне жыць. 
Што зробіш, трэба ісці. Прывёў мядзведзь дзевачку ў бярлогу. А там цёмна, гразна. Узялася Маша, прыбрала ўсё. Дала мядзведзю чарніц і хлеба, які брала з сабой у лес. Наеўся мядзведзь і загадаў слаць пасцель. 
- А як мне слаць? — пытае дзевачка. 
- Рад камення, рад палення, ступу пад голаву, карытам накрыцца. 
Цяжка было дзевачцы, але ж паслала, мядзведзь і заснуў. А Маша расплакалася, яшчэ страшней ёй стала, дамоў захацелася. Але як дабрацца ў вёску? 
А жыла ў бярлозе пад печкай мышка. Яна таксама баялася мядзведзя. Маша дала ёй хлебныя крошкі. Паела мышка і кажа: 
— Не плач, Маша, я цябе завяду дамоў. 
Узрадавалася дзевачка і хуценька, пакуль спаў мядзведзь, выслізнула з мышкай з бярлогі. 
Вывела мышка Машу з лесу, прывяла дахаты. Узрадаваліся бацькі. Накармілі мышку і вырашылі пакінуць яе ў сябе. 3 той пары і жывуць мышы побач з чалавекам. 

Пчала і муха

Жылі-былі пчала і муха. Пчала з ранку да вечара па лугах лятала, мёд зьбірала. А муха мёд толькі есьці любілі. Дзе мёдам запахне, там і яна. А дзе мёду не чуваць, там муха ня хоча нават пераначаваць. 
Аднаго разу прысела муха адпачыць на зялёным лузе. Сонейка муху прыгравае, лёгкі ветрык абвявае. Кругом кветкі цьвітуць, шустрыя конікі скачуць. У небе птушкі песенькі сьпяваюць. 
Задумалася муха: як добра на сьвеце жыць! 
Думала-думала, ды задрамала. 
А ў гэты час над лугам пчала пралятала. Ляціць, гудзе, мёд у вулей нясе. Цяжка ёй, аж стогне небарака. 
Прахапілася муха ды як закрычыць на пчалу: 
— Ах ты сякая-такая! Чаго тут над вухам стогнеш, мне спаць не даеш! 
— Выбачай, — сказала пчала. — Я шмат мёду нясу, дык і стагну. 
— Ха-ха, — засьмяямлася муха, — шмат мёду нясеш, а сама, нябось, галодная: вунь якая худая — адны косьці... 
— Праўда, — адказвае пчала, — мы, пчолы, зьбіраем пуды, а самі худы. 
— А чаму ж вы худы? І мёд у вас, і вашчына ў вас... 
— Дык жа мёд мы зьбіраем ня толькі для сябе, а і сваім дзеткам, і гаспадару, які нам хату зрабіў, даглядае нас. 
— Чакай, чакай, — кажа муха, — я нешта не зусім цябе разумею: як гэта можна зьбіраць мёд для іншых? Мы, мухі, так не робім. Мы толькі гатовага мёду шукаем. 
— Ат, — замахала крыльцамі пчала, — няма мне калі з табой гаманіць: трэба хутчэй дадому сьпяшацца, мядовую кашку дзеткам варыць. 
— А дзе возьмеш ты мядовую кашку? 
— На сябе вязу. 
— У чым? 
— У вазку, у палазку і за пазушкай. 
Загула пчала ды паляцела ў свой вулей.

Лёгкі хлеб

Касіў на лузе касец. Змарыўся і сеў пад кустом адпачыць. Дастаў торбачку, разьвязаў і пачаў есьці. 
Выйшаў зь лесу галодны воўк. Бачыць — касец пад кустом сядзіць і нешта есьць. Падыйшоў да яго воўк: 
— Ты што ясі, чалавеча? 
— Хлеб, — адказвае касец. 
— А ён смачны? 
— Дзіва што смачны! 
— Дай мне пакаштаваць. 
— Калі ласка! 
Адламаў касец кавалак хлеба і даў ваўку. 
Спадабаўся ваўку хлеб. Ён і кажа: 
— Хацеў бы я кожны дзень хлеб есьці, але дзе мне яго дастаць? Парай, чалавеча! 
— Добра, — кажа касец, — навучу цябе, дзе і як хлеб даставаць. 
І пачаў ён вучыць ваўка: 
— Перш-наперш трэба зямлю ўзараць... 
— Тады і хлеб будзе? 
— Не, брат, пачакай. Потым трэба зямлю забаранаваць... 
— І можна хлеб есьці? — замахаў воўк хвастом. 
— Што ты, пачакай яшчэ. Раней трэба жыта пасеяць... 
— Тады будзе хлеб? — аблізнуўся воўк. 
— Не яшчэ. Дачакайся, пакуль жыта ўзыдзе, халодную зіму перазімуе, вясной вырасьце, потым закрасуе, потым пачне наліваць зярняты, потым сьпець... 
— Ох, — уздыхнуў воўк, — вельмі ж доўга чакаць. Але цяпер-то ўжо я наемся хлеба ўволю! 
— Дзе там наясіся! — перапыняе касец. — Рана яшчэ. Спачатку сьпелае жыта трэба зжаць, потым у снапы зьвязаць, снапы ў бабкі паставіць. Вецер іх правее, сонейка прасушыць, тады вязі іх на ток... 
— І есьці хлеб буду? 
— Які нецярплівы! Спачатку трэба снапы абмалаціць, зярняты ў мяхі сабраць, мяхі ў млын завезьці, ды мукі намалоць... 
— І ўсё? 
— Не, ня ўсё. Муку трэба замясіць у дзяжы і чакаць, пакуль цеста падыдзе. Тады ў гарачую печ пасадзіць. 
— І сьпячэцца хлеб? 
— Але, сьпячэцца хлеб. Вось тады і наясіся яго, — скончыў касец навуку. 
Задумаўся воўк, потым пачухаў лапай патыліцу і кажа: 
— Не! Гэтая работа занадта марудная і цяжкая. Лепш парай мне, чалавеча, як лягчэй яду здабываць. 
— Ну што ж, — кажа касец, — калі ня хочаш цяжкі хлеб есьці, параю табе лёгкі. Ідзі на выган, там конь пасецца. 
Пайшоў воўк на выган. Убачыў каня: 
— Конь, конь! Я цябе з'ем. 
— Што ж, — кажа конь, — еш. Толькі спачатку здымі з маіх ног падковы, каб не ламаць табе зубы аб іх. 
— І то праўда, — згадзіўся воўк. 
Нахіліўся ён падковы здымаць, а конь як стукне яму капытом у зубы... 
Перакуліўся воўк ды ходу. 
Прыбег да рэчкі. Бачыць — на беразе гусі пасуцца. "Ці ня з'есьці мне іх?" — думае, потым і кажа: 
— Гусі, гусі! Я вас з'ем. 
— Што ж, адказваюць гусі, — еш. Але спачатку зрабі нам адну паслугу перад сьмерцю. 
— Якую? — пытаецца воўк. 
— Пасьпявай нам, а мы паслухаем. 
— Гэта можна. Сьпяваць я — мастак. 
Сеў воўк на купіну, задраў галаву і давай выць. А гусі крыльлямі — мах, мах! Узьняліся й паляцелі. 
Зьлез воўк з купіны, правёў гусей вачыма і пайшоў далей ні з чым. 
Ідзе ды лае сябе апошнімі словамі: "Ці ж ня дурань я, га? Навошта я згадзіўся сьпяваць гусям? Ну, цяпер каго ні сустрэну — з'ем!" 
Толькі ён так падумаў, бачыць — ідзе па дарозе стары дзед. Воў падбег да яго: 
— Дзед, дзед! Я цябе з'ем! 
— Чаго так сьпяшацца! — кажа дзед. — Давай сьпярша табакі панюхаем. 
— А смачная яна? 
— Паспытай, дык будзеш ведаць. 
— Давай! 
Выняў дзед з кішэні капшук з табакаю, сам панюхаў і ваўку даў. 
Як нюхнуў воўк на ўсю сілу, дык цэлы капшук табакі ўдыхнуў у сябе. А потым як пачаў чхаць на ўвесь лес... Нічога ад сьлёз ня бачыць, усё чхае. Так з гадзіну чхаў, пакуль усю табаку ня вычхаў. Агледзеўся потым, а дзеда і сьлед прастыў. 
Пайшоў воўк далей. 
Ідзе ён і бачыць — на полі чарада авечак пасецца, а пастух сьпіць. Нагледзеўся воўк у чарадзе самага большага барана, схапіў яго і кажа: 
— Баран, баран! Я цябе з'ем. 
— Што ж, — кажа баран, — такая мая доля. Але каб ня мучыцца мне доўга ды і табе каб не ламаць зубы аб мае старыя косьці, стань лепш вунь у той лагчынцы і разяў рот, а я ўзьбягу на ўзгорак, разганюся і сам ускочу табе ў рот. 
— Дзякуй за параду, — сказаў воўк. — Так і зробім. 
Стаў ён у лагчынцы, разявіў рот і чакае. А баран узбег на горку, разагнаўся ды — трах! — рагамі ваўка ў галаву. Аж іскры пасыпаліся з вачэй у ваўка, сьвету ён ня ўбачыў. 
Ачухаўся воўк, пакруціў галавою і разважае: 
— Цікава: з'еў я яго ці не? 
А тым часам касец скончыў работу ды ідзе дахаты. 
Пачуў ён воўкавы словы і кажа: 
— З'есьці не з'еў, але паспытаў лёгкага хлеба. 

Комментарии:
Оставлять комментарии могут только авторизованные посетители.